ВАЛАСНЫ́ СХОД,

распарадчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзены ў 1797 для дзярж. сялян. У сувязі са скасаваннем валасцей на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. валасныя сходы тут не склікаліся. Пасля сялянскай рэформы 1861 уведзены ў еўрап. частцы імперыі для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. адноўлены для б. дзярж. сялян.

Складаўся са службовых асоб і сялян, выбраных на сельскіх сходах па 1 ад 10 двароў; у зах. губернях удзельнічалі і парабкі. Вырашаў адм.-гасп. справы воласці, выбіраў службовых асоб, валасное праўленне, у пач. 20 ст. — упаўнаважаных сялян на выбарах у Дзярж. думу і інш. 3.6.1917 скасаваны Часовым урадам у сувязі са стварэннем валасных земстваў.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)